Памылку сваю мы ўсвядомілі адразу. Як толькі зачыніліся дзверы аўтобуса — усіх гасцінных літоўцаў разам з дзвюма літоўкамі як ветрам змяло. Аказалася, яны, нібыта запрашаючы нас застацца, проста дэманстравалі нам літоўскую, больш блізкую (у параўнанні з нашай) да еўрапейскай, культуру, а насамрэч цягацца з двума п'янымі дурнямі пасля двух дзён разгулёну ніхто не збіраўся: усе ў смерць ад нас стаміліся.
Будзінас, як свой са сваімі, знік разам з літоўцамі і дзвюма літоўкамі.
— Кінуў, лабус... — свістануў яму ўслед Ледзенеў і абняў мяне на скразным ветры колішняй сталіцы колішняга Вялікага княства Літоўскага, якое насамрэч было беларускім. – Пайшлі далей напівацца, больш няма чаго рабіць.
Сапраўды, нам нічога не заставалася рабіць, апроч як далей напівацца, і мы пайшлі ў рэстаран, дзе заказалі пляшку гарэлкі і, каб доўга не чакаць гатаванай закускі, дзве порцыі маслін.
— Маслін няма, — даволі няветліва, як нам здалося, буркнуў афіцыянт, гэткі трохі касаваты і з пузікам. Кончаны, як паказала далейшае развіццё падзей, літоўскі клоп.
— Тады гуркі ці... — пачаў я, але Ледзенеў, якога абразіла няветлівасць афіцыянта і ў якім ужо выспяваў канфлікт, мяне перапыніў:
— Як няма? Вунь людзі салянкі ядуць, а ў салянках масліны.
— Дык гэта людзі... — крэмзаў нешта алоўкам у меню афіцыянт. — І ў салянках...
— А без салянкі, значыць, няма?
— Няма.
Ледзенеў з хвіліну глядзеў на афіцыянта, асэнсоўваючы, мусібыць, хто тут дэбіл. Прыйшоўшы да высновы, што не ён, спытаў:
— Колькі ў порцыі маслін? Ну, колькі іх штук у порцыі?
— Ніколькі, бо іх няма. — Афіцыянт падаў меню. — Паглядзіце: няма.
— А калі б былі?
— Калі б былі, дык штук дзесяць. Можа, дваццаць.
— Тады налаві нам дзве порцыі.
Афіцыянт не зразумеў:
— Як налавіць?
— Як прыдумаеш.
— Дзе?
— У салянках... Налаві і прынясі. Так можна?
Афіцыянт уцяміў, што ад яго хочуць, і адмоўна паківаў галавой:
— Няма ў меню, значыць, нельга.
Убачыўшы, што Ледзенеў пачынае ўскіпаць, я прыйшоў яму на дапамогу:
— А салянкі ў меню ёсць?
— Салянкі ёсць.
— І рыбныя, і мясныя?
— І рыбныя, і мясныя.
— І па колькі ў адной салянцы маслін?
— Па дзве.
— Дык падай нам дваццаць маслін у салянках. I не кажы, што нельга.
— У якіх салянках?..
— У любых.
— Вы ж не з'ясцё... — не знайшоў, чым запярэчыць, афіцыянт, а Ледзенеў пракінуў пагрозліва: «Давай нясі, я табе фокус пакажу».
Афіцыянт цягаў салянкі, мы пілі, закусваючы вылаўленымі маслінамі, а калі ўсе масліны вылавіліся, зноў паклікалі афіцыянта:
— А цяпер нясі назад.
Клапа на плямы пабіла.
— Вы ж заказвалі...
— Што заказвалі?
-Салянкі...
— Масліны ў салянках! I гатовы заплаціць за порцыю, нават за дзве. А салянкі нясі, адкуль прынёс, мы іх не елі ні мясных, ні рыбных.
— За ўсё плаціце, — заўпарціўся афіцыянт. — Не панясу назад нічога.
— Тады фокус... — падняўся з-за стала намеснік адказнага сакратара беларускай рэспубліканскай газеты «Знамя юнасци» Віктар Іванавіч Ледзенеў, усклікнуў: «Оп-па!..» — іперакуліў стол, у два паверхі ўстаўлены талеркамі з салянкамі, некаторыя з якіх трохі астылі, а некаторыя былі яшчэ даволі гарачыя, на афіцыянта — гэткага трохі касаватага і з пузікам...
О, колькі было звону і крыку!..
Афіцыянт аказаўся не толькі кончаным клапом, але і пляменнікам дырэктара рэстарана, а дырэктар рэстарана — братам нейкага хоць і літоўскага, але міліцэйскага начальніка. |